Тэма 18. САЦЫЯКУЛЬТУРНЫЯ МЕЖЫ І ЭТЫЧНЫ АСПЕКТ МАЎЛЕНЧАЙ КАМУНІКАЦЫІ
Этыкет ёсць знешняя, бачная частка этыкі маўленчай камунікацыі, якая склалася на працягу стагоддзяў і тысячагоддзяў ў грамадстве людзей і ўтварае неад’емную частку духоўнага свету асобы.
Тэрмін этыка, уведзены Арыстоцелем, мае два значэнні:
а) філасофская навука, аб’ектам якой з’яўляецца мараль (праблемы сэнсу жыцця, прызначэння чалавека і інш.);
б) нормы, правілы, якія падтрымліваюцца грамадскай думкай і вызначаюць, як павінен паступаць чалавек ва ўмовах выбару паміж дабром і злом, эгаізмам і альтруізмам, у сітуацыях самавыяўлення асобы, у матывацыі учынкаў, у разуменні прынцыпаў і нормаў паводзін.
Этыка мае разнастайныя сферы ўжывання: яна вызначае ўзаемаадносіны людзей у сумеснай працы, у сферы адукацыі і выхавання, у спорце, нават у экалогіі, у сямейным жыцці, і ў зносінах – у самых разнастайных сітуацыях.
Этыка звязана з псіхалогіяй у сферах матывацыі паводзін, развіцця памкненняў чалавека, у вывучэнні яго маральных пачуццяў, фарміраванні асобы, яе інтэлектуальнага свету, свядомасці.
Этыка звязана і з сацыялогіяй у пытаннях грамадскага рэгулявання дзейнасці, учынкаў людзей, праблемы “чалавек і грамадства”. Яна не магла не адбіцца і ў мове: у ёй сфармаваліся, склаліся ў стройную сістэму моўныя адзінкі, блізкія да фразеалогіі, надзвычай чулыя да зменаў у грамадскіх адносінах, – гэта сродкі і правілы ўжывання маўленчага этыкету.
Маўленчы этыкет – гэта сістэма ўстойлівых формаў зносін, прынятых у адпаведнасці з сацыяльнымі ролямі якія маюць зносіны.
Вылучаюць наступныя вобласці ўжывання этыкетных формаў: прывітанне, развітанне, прабачэнне, просьба, падзяка і да т. п. Этыкет – знешняя форма зносін, але ён звязаны з этыкай, адлюстроўвае маральныя нормы адносін паміж людзьмі. Сістэмы этыкетнага маўлення зменлівыя, яны з высокай дакладнасцю адлюстроўваюць гістарычны час і сацыяльныя пласты іх дарэчнага выкарыстання. Яны сітуатыўныя, “прымацаваныя” да афіцыйнай і неафіцыйнай абстаноўкі, адлюстроўваюць вельмі тонкія адрозненні ў выбары таго ці іншага рэгістра зносін. Напрыклад: Вітаю Вас!; Добры дзень! Прывітанне!; Як справы? Адрозненні выяўляюцца ў звароце на “ты” ці на “вы”, у вёсцы ці ў горадзе, сярод знаёмых і незнаёмых, роўных па ўзросце ці не і да т. п.
Маўленчыя этыкетныя формы не ўносяць у камунікатыўны акт новай змястоўнай, лагічнай інфармацыі, яны нясуць на сабе зусім іншую, кантактаўстанаўляльную інфармацыю: калі той, хто ўвайшоў, кажа “Добры дзень, спадары!” або “Прывітанне, братва!”, то тым самым ён прадстаўляецца прысутным па сваім сацыяльным статусе (шчыра ці не – гэта высветліцца пазней).
Прывітанне таксама адрасавана на адрасата. Этыкетныя формы выказваюць стаўленне да адрасата (прабачце, калі ласка), павагу да яго ці проста ветлівасць, такт у зносінах. Яны адлюстроўваюць традыцыі, нормы ўзаемнай павагі (віншаванні са святамі, важнымі падзеямі ў жыцці блізкага чалавека ці проста знаёмага, запрашэнне на вяселле ці проста ў госці). Функцыя прыцягнення ўвагі патэнцыйнага суразмоўцы таксама ўласцівая маўленчаму этыкету, як і функцыя завяршэння зносінаў.
Маўленчы этыкет уяўляе сабой універсалію – ён выкарыстоўваецца ў розных мовах.
Маўленчы этыкет заўсёды прыцягваў увагу пісьменнікаў і ўсіх носьбітаў мовы, але яго навуковае вывучэнне пачалося толькі ў другой палове XX ст. (В. Г. Кастамараў, А. А. Акішына, Н. І. Фарманоўская, В. Я. Гольдзін).
Этыкет у паводзінах людзей і ў маўленні падпарадкаваны гістарычнаму працэсу, ён дастаткова хутка змяняецца, і тыя формы ветлівасці, якія былі звыклыя не толькі дзвесце, але ўсяго дваццаць гадоў таму назад, сёння ўжо безнадзейна састарэлі. Паводле этыкетных формул няцяжка распазнаць і ўзрост таго, хто гаворыць, і ўзровень яго адукацыі, і сацыяльную прыналежнасць, а часам і прафесію. Асаблівыя этыкетныя формы прыняты ў асяроддзі ваеннаслужачых, у школе паміж настаўнікамі і навучэнцамі. Маўленчы этыкет, звыклы ў асяроддзі моладзі, не ўжываецца сярод пажылых. Звароты, дарэчныя ў інтымнай перапісцы, не падыходзяць да стылю дзелавых папер. Для свабодных і карэктных зносін чалавек павінен валодаць тонкім веданнем этыкету, нават яго чуццём.
Такога ўзроўню цяжка дасягнуць у чужой краіне, і многія замежнікі аказваліся ў вельмі няёмкім становішчы па гэтай прычыне.
Маўленчы этыкет уключае і невербальныя сродкі – жэсты, міміку і асабліва інтанацыі: голас, позірк выдаюць фальш у этыкетных сітуацыях.
Яркім паказчыкам статусу чалавека ў грамадстве і эфектыўным прагматычным рэгулятарам чалавечых узаемаадносін з’яўляюцца антрапонімы. Онім – своеасаблівая лексема, якая валодае багатым зместам. Пазбаўленае семіялагічных уласцівасцей, уласнае імя мае інфарматыўную прыроду. Яго змест фіксуецца не лінгвістычнымі, а энцыклапедычнымі слоўнікамі. М. Талстой адзначаў: “Уласнае імя нясе нейкую, не для ўсіх аднолькавую інфармацыю, якую не трэба блытаць са значэннем (семантыкай)” [37, с. 200]. Інфарматыўная сутнасць уласнага імені праяўляецца ў тым, што, па-першае, яно прадугледжвае прэзумпцыю вядомасці. Само слова імя мае значэнне ‘вядомасць, папулярнасць, слава’. Прэзумпцыя вядомасці можа быць эксплікавана самой формай уласнага імені. Так, у славянскім свеце шырока распаўсюджаны асабовыя імёны з агульнай часткай -слаў: Станіслаў, Вячаслаў, Мечыслаў, Прадслава, Гарыслава і інш. Само па сабе ўласнае імя – гэта той знак, дзякуючы якому чалавека ведаюць і прызнаюць у пэўным соцыуме. Па-другое, уласнае імя – гэта пасведчанне, своеасаблівы пашпарт асобы, “сацыяльны пароль, які азначае прыналежнасць яго носьбіта да таго ці іншага грамадскага кола” [29, с. 161]. Не маючы значэння, антрапонімы сведчаць пра пол, узрост, нацыянальнасць, веравызнанне асобы. Выбар формы іменавання з’яўляецца паказчыкам сацыяльнага статусу чалавека, адносінаў да яго ў грамадстве: аднаго завуць па прозвішчы, другога па імені, трэцяга абзываюць мянушкай, напрыклад: “Цімафей Міронавіч Гвардыян. Менавіта Цімафей Міронавіч, а не проста Цімох ці скажам Цімка, Цёмка, Цімошка. Гэта не кулак, ці, праўдзівей, не проста кулак, а былы кур’ер высачайшай камісіі па такіх-та справах” (М. Зарэцкі); “Кастусю Іванавічу Пузану да пенсіі засталіся лічаныя гады, але ж да гэтага часу мястэчка не перавучыцца, каб не клікаць яго неяк іначай. Як прычапілася да Пузана з дзяцінства гэтае дзіцяча-пацешнае Косцік, так і не змог ён з гадамі выкарчаваць ці перайначыць яго. І малыя, і старыя клікалі Косцікам, дый годзе. Змірыўся, прызвычаіўся, не злаваўся ні на кога за такое панібрацтва, нават не крывіўся” (Г. Марчук); “Калі Іосіфа ў Грычыне, дзе казалі “дзень добры”, звалі Язэпам, дык перасяленец з Цырына, дзе віталіся “Нех бэндзе пахвалёны Езус Хрыстус”, быў Юзаф” (М. Улашчык); “Звалі жанчыну не Іваніха, па імю мужа, як звычайна звалі ў нас замужніх, не па прозвішчы – Гушчыха, а па-дзявочы далікатна – Людка” (А. Кудравец); “Дзіўна, колькі сябе помніць Сава, ён не чуў, каб яго аднакласніцу называў хто інакш, як Галіна. Мажліва, гэта ішло ад яе зусім не дзіцячай сур’ёзнасці, удумлівых адносін да вучобы, яе дабрыні і сціпласці” (Г. Марчук).
Рэгулюючым пачаткам ужывання разнастайных тыпаў антрапонімаў выступае маўленчы этыкет – “нацыянальна спецыфічныя правілы маўленчых паводзінаў, якія рэалізуюцца ў сістэме ўстойлівых формул і выразаў у прынятых грамадствам сітуацыях “ветлівага” кантакту з субяседнікам” [39, с. 284]. Шырокі спектр антрапонімаў прадвызначае іх выкарыстанне ў якасці этыкетных знакаў – “сацыяльна зададзеных сродкаў рэгулявання паводзінаў людзей у сітуацыях устанаўлення, падтрымання і размыкання кантакту камунікантаў у адпаведнасці з іх статуснымі і асабістымі адносінамі” [39, с. 283–284]. З дапамогай этыкетных знакаў-онімаў устанаўліваюцца і апазнаюцца адносіны: “свой” – “чужы”, “далёкі” – “блізкі”, “старэйшы” – “маладзейшы”, “вышэйшы” – “ніжэйшы па сацыяльным статусе” і г. д. Выбар адрасантам формы іменавання суразмоўніка ў межах сацыяльных і псіхалагічных роляў партнёраў аказваецца надзвычай важным у сацыяльным узаемадзеянні людзей, напр.: “І чаму Алачка? Я – Ала. Альбо Аля – сталы ўжо чалавек” (Г. Далідовіч).
Найбольш ярка этыкетнае прызначэнне антрапоніма праяўляецца пры прадстаўленні чалавека ў сітуацыі знаёмства. У гэтых абставінах рэалізуецца прэзентатыўная функцыя ўласнага імені. Слова “прэзентацыя” ў неспецыяльным ужыванні азначае ‘грамадскае прадстаўленне чагосьці новага, таго, што нядаўна з’явілася, было створана (фірмы, кнігі, часопіса, тэлепраграмы, арганізацыі)’. Заўважым: тое, што прэзентуецца, называецца ўласным імем. У шырокім сэнсе паняцце “прэзентацыя” можна распаўсюдзіць і на сферу міжасабовых адносінаў, маючы на ўвазе тыповую сітуацыю знаёмства, прадстаўлення кагосьці. Аптымальны выбар у гэтых абставінах пэўнага знака-оніма дазваляе чалавеку ўстанавіць патрэбную дыстынцыю паміж ім і адрасатам, задаць патрэбную танальнасць адносінаў, напрыклад: “У нас толькі настаўнікаў ды старых завуць па бацьку. А я проста Аляксей” (С. Грахоўскі).
Надзвычай актыўна ўласнае імя ўжываецца ў ролі зваротка, у прыватнасці, такога яго тыпу, як рэгулятыў. Зваротак-рэгулятыў дапамагае ідэнтыфікаваць асобу адрасата і выразіць ацэначна-прагматычныя адносіны да яго. Заўважым, што калі ў ролі зваротка ўжываюцца ўласныя асабовыя імёны, то найчасцей адносіны гэтыя станоўчыя. Звяртаючыся да каго-небудзь па імені, чалавек прызнае ў адрасаце падобнага да сябе, сцвярджаючы грамадскую і асабістую значнаць суразмоўцы. Пры адчуванні да індывіда чужасці, непавагі, пагарды ўласнае асабовае імя звычайна не ўжываюць, напрыклад: “Не раз і не два штоночы згадвала яна [Маня] Ганну з такой нянавісцю, што не магла вымавіць яе імя: не знаходзіла, здавалася, вартых слоў” (І. Мележ); “Не магу выгаварыць паганае імя Таццяны. Ніколі ў жыцці не змагу палюбіць гэтае слова. У ім адно толькі гора для мяне” (А. Казлоў).
Асаблівасцю беларускага маўленчага этыкету з’яўляецца “актыўнасць ласкальных стэрэатыпаў, якую можна расцэньваць, з аднаго боку, як пэўную кампенсацыю за адсутнасць сацыяльнага рангавання.
З другога боку, гэта можна лічыць выяўленнем знакамітай талерантнасці беларусаў” [32, с. 39]. Гэта асаблівасць праяўляецца ў шырокім ужыванні ў беларускім маўленні эмацыйна-ацэначных формаў уласных асабовых імёнаў і нават прозвішчаў, напрыклад: “Яна заве мяне дзедам Міхедам, дзядулькам Мікулькам, а іншы раз проста дзядулькам” (А. Чарнышэвіч); “Жылачка, ты кажаш, што мы блізкія і па перакананнях” (М. Дварчанін). Багацце беларускай мовы праяўляецца ў магчымасці ўжывання шырокага спектра варыяцый уласных асабовых імёнаў. Некаторыя з іх здольныя ўтвараць да сотні формаў суб’ектыўнай ацэнкі, напр: Міхалік, Міхалка, Міхалок, Міня, Міхасёк, Міхасік, Міхаська, Міхасечка, Мішачка, Мішунік, Мішуцік і мн. інш. Найчасцей падобнымі формамі імёнаў выражаюцца пазітыўныя пачуцці. Так, сярод мноства вырыянтаў імёнаў, зафіксаваных у слоўніку М. Бірылы “Беларуская антрапанімія”, можна знайсці толькі адзінкавыя формы, якія маюць адценне знявагі, прыніжэння. Большасць жа варыяцый ужываюцца як ласкальныя. Прычым у маўленні нярэдка адбываецца эмацыйнае атаясамліванне імені з яго рэферэнтам: любоў, прыязнасць, захапленне чалавекам пераносяцца на яго імя, напрыклад: “Ах, ну чаму ты, дурніца, тады не назвала яго тым імем, якое даражэй табе за ўсе на свеце імёны – Сярожа” (Я. Брыль).
Разнавіднасцю антрапонімаў з’яўляецца мянушка, якая акрэслівае свайго носьбіта паводле “асаблівай” (часта заганнай) прыкметы, харак-тарызуючы яго паводле росту (Бусел, Даўгель, Куцы), целаскладу (Гладыш, Пончык, Таран), па рысах твару (Зубовіч, Кот, Лупаты) і г. д. Называць чалавека мянушкай неэтычна: у грамадстве лічыцца непрыстойным выказвацца пра недахопы асобы. Таму мянушка, як правіла, ужываецца “завочна”, “за вочы”, напрыклад: “Маруся расказвала Івану– і ўжо не раз – што той, за вочы Курашчуп, на пачатку года загаворваў гулліва ды непрыстойна” (Г. Далідовіч). Гэтае патрабаванне этыкету можа наўмысна парушацца ў надзвычайных сітуацыях высвятлення адносінаў, публічнага прыніжэння годнасці чалавека, напрыклад: “Бом-ба! Бом-ба! Каб ты да свайго Пінска не даплыў. Каб ты ўтапіўся, Бомба! Каб табе вушы начальства адарвала! Каб цябе дзеўкі не любілі, Бом-ба! Бом-ба!” (Г. Марчук).
Маўленчы этыкет непарыўна звязаны з вызначэннем і хара-ктарыстыкай удзельнікаў моўных зносінаў. Адным з асноўных сродкаў ідэнтыфікацыі адрасата і адрасанта з’яўляюцца антрапонімы, якія прадстаўляюць моўцы вялікія магчымасці павелічэння або змяншэння дыстанцыі паміж камунікантамі, павышэння або паніжэння ступені ветлівасці выказвання, а тым самым – рэгулявання адносінаў
паміж людзьмі.